Чарнагорыя: 8. Лагодная Чарнагарызацыя
Восьмая частка – галоўная для мяне ва ўсім аповедзе. Тут распавядаю, як чарнагорцы будувалі сваю, так бы мовіць, Новую Беларусь.
Гэтая ж частка ў Інстаграме: padarozhny.
У нашай медыяпрасторы я рэгулярна трапляю на гэтую тэму: як усе раптам беларусізуюцца, чорныя лебядзі, ну і г.д.
Дагэтуль не разумею, на чым канкрэтна грунтуюцца гэтыя меркаванні, бо аніводнага разу не бачыў, каб у камплекце з німі ішла будзь якая аналітыка альбо гістарычныя прыклады.
Адпаведна, тут спрабую разабрацца як падобныя па сутнасці працэсы адбываліся ў Чарнагорыі: сто гадоў у складзе старэйшага брата, дамінацыя сербскай мовы і культуры, адзін агульны славянскі народ, саўдзел у вайне супраць суседзяў – ну і спроба нацыянальнага адраджэння пасля гэтага ўсяго.
Кантэкст
У 1990 г. у Югаславіі адбыліся першыя шматпартыйныя выбары.
Працяглы эканамічны крызіс і агрэсіўная рыторыка Белграда на тэму цэнтралізацыі ўлады ў руках сербаў прывялі да перамогі пранацыянальных сіл амаль ва ўсіх саюзных рэспубліках.
Неўзабаве адбыўся шэраг рэферэндумаў аб незалежнасці.
За незалежнасць прагаласавалі 89% у Славеніі, 93% – у Харватыі, 95% – у Македоніі, па 99% – у Босніі і Косава.
Тут давайце агаворымся, што этнічныя сербы і агулам прасербскія сілы часта байкатавалі гэтыя мерапрыемствы, але станам на пачатак 90-ых у пералічанных краінах яны былі ў меншасці.
Рэакцыю Белграда на рэферэндумы вы ведаеце: абарона сербскай этнічнай меншасці, адсылкі да Другой сусветнай, аб'яднанне ўсіх "ісконно сербскіх земель в Велікую Сербію".
Пасля абвяшчэння незалежнасці харватамі Югаслаўская народная армія (чытай, сербская) пачала бамбіць гарады Дуброўнік і Вукавар, і да 1995 г. захапіла 25% Харватыі.
Гэта суправаджалася выразаннем вёсак, стратай палонных і г.д., хаця, канешне, у параўнанні з расейцамі, сербы – анёлы.
У вайне супраць Харватыі, Босніі і Косава агрэссарам з'яўлялася Сербія (што ў выніку прывяло да яе бамбардзіроўкі з боку НАТА у 1999), але на пачатку 90-ых у складзе ЮНА ваявала і пару тысяч чарнагорцаў, а тэрыторыя краіны выкарыстоўвалася для нападу і вайсковай лагістыкі.
Адпаведны рэферэндум адбыўся і ў Чарнагорыі, але там у 1992 г. 97% прагаласавала за тое, каб быць разам з сербамі адной краінай – так у складзе Югаславіі засталіся толькі Сербія ды Чарнагорыя.
Яўка на рэферэндум склала толькі 67% – няшмат, бо апазіцыя заклікала да байкоту.
У любым выпадку большасць жыхароў была прасербскай, унутры краіны не было шырокага руху за незалежнасць альбо супраць вайны.
Чарнагорыя на той момант кіравалася Дэмакратычнай партыяй сацыялістаў, дзе галоўнымі былі два прасербскіх камуніста: прэзідэнт Мамір Булатавіч і прэм'ер Міло Джуканавіч.
Калі Булатавіч – народжаны ў Белградзе сын афіцэра Югаслаўскай арміі – застаўся адданым Сербіі да канца свайго жыцця, то Джуканавіч бліжэй да сярэдзіны 90-ых пачаў асцярожна крытыкаваць агрэсіўную палітыку Слабадана Мілошавіча.
У адказ на ваенныя злачыны ЮНА, ААН наклала на Югаславію шэраг санкцый: ізаляцыя, гандлёвае эмбарга, замарозка замежных актываў і банкаўскіх аперацый і г.д.
Моцна, маглі б абмежавацца простай заклапочаннасцю.
Ідэя санкцый як драйвера для росту народнай незадаволеннасці, пратэстаў і змены рэжыму ў выніку дала рады.
За некалькі гадоў вайны эканоміка Югаславіі скарацілася ў два разы: гіперінфляцыя, закрыццё прадпрыемстваў, беспрацоўе і г.д.
Джуканавіч усё часцей казаў, што праблема не ў каварным Захадзе альбо ў злых харватах, а ў Мілошавічы – для Чарнагорыі разам з нім магчымыя толькі ізаляцыя і беднасць.
Палітычны капітал прэм'ер-міністра, падтрымка ад часткі кіруючай партыі, доступ да дзяржаўных СМІ і занятасць сербаў у вайне дазволілі яму выбудаваць сваю перадвыбарную кампанію на апеляцыі да ўсім зразумелых эканамічных праблем і постаці Мілошавіча як іх прычыны.
На прэзідэнцкіх выбарах 1997 г. ён перамог дзеючага прэзідэнта і лідара прасербскіх сіл Маміра Булатавіча – на тоненькага, у другім туры з рэзультатам 50.8%
Ну а пасля перамогі Міло Джуканавіч распачаў, так бы мовіць, лагодную чарнагарызацыю.
Калі да выбараў крытыцы падвяргаўся непасрэдна Мілошавіч, то ўжо з 98-га пайшлі размовы аб тым, ці вартае аб'яднанне з братэрскім народам пустой лядоўні.
Адначасова з эканамічнымі рэформамі ў краіне пачалася шырокая кампанія па ўзмацненню (вяртанню) нацыянальнай ідэнтычнасці.
У 2004 г. зацверджаны новыя сцяг, герб і гімн. Насамрэч, старыя, на аснове сімволікі незалежнага чарнагорскага княства 19 ст.
Амаль стагоддзе ў якасці сцяга выкарыстоўваўся ідэнтычны сербскаму трыкалор, а гімн быў аб братэрстве народаў – яго замяніла народная чарнагорская песня.
Усё гэта было рухам у накірунку прызнання Чарнагорыі спаткаемніцай каралеўства, існаванне якога завершылася ў 1918 – адпаведна, вызнаць тагачасны ўваход у склад Сербіі анэксіяй, а ўдзельнікаў паўстання за незалежнасць нарэшце ўвесці ў статус нацыянальных герояў.
Анэксіі і паўстанню я тут асобную частку прысвяціў.
У 2000 г. Джуканавіч публічна выбачыўся за саўдзел у вайне супраць Харватыі:
"Ад свайго імя і грамадзян Чарнагорыі хачу выказаць шчырае шкадаванне ўсім грамадзянам Харватыі – за ўвесь боль, страты і пашкоджанні, якія вам прычыніў любы прадстаўнік Чарнагорыі ў складзе ЮНА".
"Чарнагорскі народ у 1991 годзе, як і шмат разоў да гэтага, быў маніпуляваны пад покрывам югаславянства – але такая пакорлівая Чарнагорыя больш не існуе".
Пазней Чарнагорыя (у адрозненні ад Сербіі) выплаціла Харватыі няхай і сімвалічныя, але ж рэпарацыі.
У 1999 Чарнагорыя дэманстратыўна адмовілася ад выкарыстання югаслаўскага дынара, і ў аднабокавым парадку ўвяла ў абарот нямецкую марку (у 2003 – еўра, тут у мяне асобная частка гэтаму прысвечана), паступова пашыраючы фінансавую незалежнасць ад сербаў.
Чарнагорыя ўсё яшчэ з'яўлялася адной дзяржавай з Сербіяй, але ж сербы былі занятыя наступствамі кіравання Мілошавіча і разборам завалаў пасля натаўскіх бамбардзіровак, таму Джуканавіч, карыстаючыся момантам, імкліва штурхаў сваю краіну да незалежнасці.
Рэферэндум быў назначаны на 21.05.2006.
У краіне, палітычна падзеленай напалову, быў высокі рызык непрыняцця рэзультатаў прайграўшым бокам. Пасярэднікам выступіў Еўразвяз, а прасербскі бок прадавіў ідэю прызнаць за парог незалежнасці не 50%+1 голас, а 55%.
З яўкай у 87% за незалежнасць прагаласавалі 55.5%.
Аналіз
У нас ёсць две адметныя кропкі часу – 1992 г. і 2006 г. Паміж німі адбылося некалькі войнаў, санкцыі, разбурэнне ўласнай эканомікі, прыход у 1997 г. да ўлады крытыка сербскага рэжыма, ну і дзесяцігоддзе пранацыянальнай прапаганды.
Я хачу адказаць на пытанне, як усё пералічанае змяніла чарнагорскае грамадства, а дакладней, якая доля з тых грамадзян, што ў 1992 г. галасавалі за саюз с Сербіяй, не зрабілі гэтага ў 2006 – альбо прагаласавалі за незалежнасць, альбо праігнаравалі рэферэндум.
Так што пераходзім да самага цікавага – графікаў людзей.
Канешне, заўсёды можна сказаць, што вось за незалежнасць было 3%, а стала 55% – але, так бы мовіць, не все так однозначно.
Агульная іх колькасць вырасла на 15% – з 420k да 485k чалавек.
Выбарчыя законы пры гэтым не змяніліся – рост звязаны з натуральным прыростам насельніцтва.
На конт міграцыі – разлікі па розных навуковых публікацыях даюць прыкладны парытэт, каля 46k эмігравалі, каля 42k, наадварот, прыехалі ў краіну.
Гаворка толькі аб грамадзянах Чарнагорыі – каля 70% імігрантаў у краіну ўжо валодалі яе пашпартамі, рэшта атрымала іх да 2006. Эмігранты, якія не жывуць стала ў Чарнагорыі, не маюць права галасаваць.
Мяне тут цікавяць менавіта тыя, хто застаў абодва рэферэндумы. Яны склалі толькі 60% ад актуальнага на 2006 г. спіса.
Гэта, канешне, не ўсё, бо мы ж на Балканах.
Каля 20% грамадзян Чарнагорыі (станам як на 1992, так і на 2006) – этнічныя албанцы (зялёныя районы на мапе) і баснійцы (чорныя), якія жывуць кампактна ў памежных районах.
І тыя, і іншыя ненавідзяць сербаў, і ў любым выпадку пыдтрымаюць антысербскія ініцыятывы.
Імаверна, яны байкатавалі рэферэндум ў 92 і галасавалі за незалежнасць у 06 – гэта заўважна па мапе галасавання ў 2006.
Іх перакананні ніяк не залежаць ад дзяржаўнай палітыкі Чарнагорыі, і з наступных крокаў аналізу я хачу іх выкінуць – мяне цікавяць толькі энтічныя чарнагорцы (у тым ліку тыя, хто лічыць сябе сербамі), і ўплыў лагоднай чарнагарызацыі менавіта на ніх.
Дарэчы, калі ў рэферэндуме не ўлічваць галасы гэтых 20% албанцаў-баснійцаў, то Чарнагорыя станам на 2006 г. не здабывае незалежнасць.
Уласна, у тым ліку праз гэта тут прасцей сканцэнтравацца на чырвоных (памаранчавых?) слупках – яны дакладна не ўтрымліваюць у сябе нацыянальныя меншасці.
З 266k прасербскіх грамадзян узору 92-га, за наступныя 14 гадоў хтосьці памёр, хтосьці з'ехаў, хтосьці застаўся верным сабе, хтосьці перацёк у зялёны (пранезалежны) альбо шэры (абыякавы) слупок.
Адпаведна, і 185k прасербскіх грамадзян станам на 2006 складаюцца як са "старых" выбаршчыкаў, так і з маладых + імігрантаў.
З эміграцыяй складаней, але таксама лічым раўнамернай – там хутчэй справа ў эканоміцэ (у 90-ых пераводы з-за мяжы складалі да 10% ВУП Чарнагорыі), бо не было аніякіх палітычных рэпрэсій.
То бок, з 266k да 2006 г. даехала +-166k.
Цяпер, наадварот, паглядзім на новых выбаршчыкаў у 2006. Канешне, дакладна не вядома, як яны галасавалі на рэферэндуме. Але мы можам ускосна ацаніць інтэрвал.
Так, у перапісе насельніцтва 2011 я знайшоў пытанне на конт самасвядомасці і перасабраў гэтыя дадзеныя на ўзроставыя групы і без уліку неславянскіх этнічных меншасцей.
Дарэчы, працуе лагодная чарнагарызацыя – бачыце, чым меньш узроставая група, тым большая людзей называе сябе чарнагорцамі, а не сербамі.
За ніжні ліміт прасербскай падтрымкі возьмем 35% з гэтага графіка. За верхні – 47.7% з папярэдніх графікаў, то бок, рэзультат сярод выбаршчыкаў-славян. Няма падстаў лічыць, што сярод маладых прасербскія настроі распаўсюджаны больш, чым у сярэднім па краіне.
Аналагічна і з імігрантамі – за максімум сербскай падтрымкі возьмем тыя самыя 47.7%, за мінімум – 30% (доля імігрантаў зыходна без грамадзянства, пераважная большасць з якіх прыехала з Сербіі).
Вынікі!
Дзесяць гадоў лагоднай чарнагарызацыі разам з вайной, развалам эканомікі і іншымі вынікамі сяброўства са старэйшым братам прывялі да змены свядомасці ад 18% да 30% грамадзян, якія зыходна галасавалі за саюз з Сербіяй.
Давайце ўжо лічыць 25% як залатую сярэдзіну.
Як па мне, няблагі рэзультат.
Новая Беларусь
Ну што, як той казаў: "сейчас уезжаем, вернемся уже в Новую Беларусь".
Запрашаю на пошук гэтай таямнічай краіны!
Прыменім усё, пералічанае раней ў гэтай частцы, на нашыя рэаліі і паспрабуем прыкінуць, што будзе, калі доўгачаканыя чорныя лебядзі прынясуць на сваіх крылах нешта падобнае на чарнагорскі сцэнар.
Так, што там было ў тых чарнагорцаў?
Няўдалы рэферэндум аб незалежнасці 1992 -> Саўдзел у вайне на баку Сербіі -> Жорсткія санкцыі -> Калапс эканомікі -> Новая ўлада -> Калапс і бамбардзіроўка Сербіі -> Фокус на еўраінтэграцыю і ўступ у НАТА -> Лагодная чарнагарызацыя -> Пераможны рэферэндум аб незалежнасці 2006.
Давайце па аналогіі разглядаць такі сцэнар і ў Беларусі. Няхай у пэўны момант адбылося наступнае:
1) Адыйшоў ад улады лукашэнка (калі верыць некаторым СМІ, ён там ужо гадоў 20 як пры смерці).
2) Маскалі завязлі ў войнах і ўнутраных праблемах, праз што часова згубілі цікаўнасць да Беларусі.
3) Улада перайшла да палітычнага блока на чале з кімсьці прабеларускім - такі сабе калектыўны Макей, хоць я асабіста і не веру, што ў нябожчыка балела за штосьці нацыянальнае.
Няхай калектыўны гэты Макей неўзабаве пасля прыхода да ўлады распачынае лагодную беларусізацыю грамадзян Беларусі: з часам вяртаюцца нацыянальныя сцяг і герб, перыяд знаходжання ў складзе расеі (з 1775 па сёння) вызнаецца акупацыяй, мова, канешне ж, адраджаецца, вось гэта ўсё.
Эмігранты таксама (апцыянальна) вяртаюцца, хоць палітычныя, хоць эканамічныя. Мо хтосьці з ніх нават далучаецца да палітычнага апарату калектыўнага Макея.
Адбываецца нацыянальнае прымірэнне!
Гэта ўжо Новая Беларусь ці яшчэ не? Што ўвогуле маюць на ўвазе розныя людзі, калі кажуць аб гэтым?
Мне здаецца, істотную частку беларусаў цалкам задавольніць сцэнар, пры якім выходзяць палітзняволенныя, бяспечна вяртаюцца палітэмігранты (хто хоча), сыходзіць лукашэнка - ну і далей шчасліва зажывем як жылі сабе ў 2019.
Норм варыянт, але гэта будзе Старая Беларусь, а гаворка ж нібыта пра новую.
Нібыта штосьці мусіць структурна змяніцца ў функцыяванні як дзяржавы, так і грамадства - бо калі мы проста вернемся ў 2019, за нім аднойчы прыйдзе яшчэ адзін 2020.
Таму прапаноўваю таксама завязацца на рэферэндум - той што адбыўся ў РБ у 1995 г. Няхай адкат яго рэзультатаў (інтэграцыя з рф, мова) і вяртанне Канстытуцыі ўзору 1994 і будзе той самай кропкай, з якой пачнецца Новая Беларусь.
Ну і праз 10 гадоў лагоднай беларусізацыі адбываецца рэферэндум па пытаннях, адпаведных рэферэндуму 95-га года:
- Беларуская мова як адзіная дзяржаўная.
- Выхад з "союзного государства" з расеяй і курс на інтэграцыю ў Еўразвяз.
- Выхад з ОДКБ і курс на ўступ у НАТА.
Уласна, Чарнагорыя ўсё пералічанае зрабіла адразу пасля здабыцця незалежнасці.
Окэй, каб спрагназаваць рэзультаты, давайце высвятлім, як бы па гэтых пытаннях мы прагаласавалі сёння. Для аналізу бярэм дадзеныя Chatham House (далей - CH), я недзе пасярод 2022 г. пераправяраў іх вынікамі Беларускай аналітычнай майстэрні (далей - БАМ), і там плюс-мінус тое ж самае. Яшчэ тут карыстаюся даследваннем Ф. Біканава і К. Несцяровіча у складзе Фонда Фрыдрыха Эберта (далей - FES).
Пачнем вось з чаго - ці падтрымліваюць беларусы дзеянні расейскай арміі ва Украіне (так гучала пытанне ў апытанках).
Першыя 4 слупкі - CH, апошні - FES. Тут і далей я перасабраў зыходныя дадзеныя: "да" і "скорее да" - гэта падтрымка, і гэтак далей, бо мяне тут больш буйныя сегменты цікавяць.
Логіка візуалізацыі паўсюль аднолькавая: блакітным колерам выдзяляю ўсё пранацыянальнае / праеўрапейскае, шэрым - усё нявызначаннае, карычневым - усё прарасейскае.
Усё ж такі класічны колер фашызму. Альбо гаўна - і тое, і іншае пасуе.
Едзем далей - той факт, што вы не падтрымліваеце расею ў вайне яшчэ не сведчыць аб тым, што вы неяк негатыўна да яе ставіцеся.
Палярны да ніх сегмент у прыкладна 15% мае варожае стаўленне да дзяржавы і да расеі, адпаведна, падтрымлівае Украіну і разлічвае на еўрапейскі шлях краіны ў будучыні. Рэшта, то бок, 40-45% насельніцтва, знаходзіцца ў паўпазіцыі - маўляў, мы супраць любога гвалту, таму вайну не падтрымліваем, але да ўсіх ставімся цярпліва, у тым ліку да расеі.
Што ж, калі мы праводзім рэферэндум на тэму інтэграцыі з рф сёння, відавочна, ён будзе правальным. Давайце прыкінем, што тут можа змяніць чарнагорскі досвед.
Чарнагорыя у сваім рэферэндуме 2006 на тоненькага (55.5%) перамагла за кошт 3 асноўных момантаў:
1) 20% насельніцтва складаюць этнічныя меншасці, якія пыдтрымліваюць любыя антысербскія ініцыятывы - не наш варыянт.
2) Моладзь, якая вырасла на хвалі лагоднай чарнагарызацыі, заўважна часцей адносіць сябе да чарнагорцаў, чым старэйшыя групы.
У 2006 каля 33% усіх выбаршчыкаў склалі маладыя людзі, якім не было 18 на момант першага рэферэндума ў 1992.
Гэта адбылося дзякуючы высокай нараджальнасці.
Няхай у нас чорныя лебядзі прыляцелі ў 2026, рэферэндум будзе ў 2036, то бок, галасаваць змогуць усе, хто нарадзіўся да 2018. На графіку для Чарнагорыі па асі Х: 1975-1988 гг. (пад рэферэндум 2006).
У нас з улікам бягучай статыстыкі нараджальнасці і смертнасці, да 2036 маладыя складуць каля 15-20% спіса выбаршчыкаў.
Канешне, калі яны не з'ехалі яшчэ ў эміграцыю.
Больш таго, CH праводзіў аналагічную апытанку для групы 18-35 гадоў і там практычна тыя ж рэзультаты (+3-4% у бок Еўропы і мінус ад расеі). Таму, верагодна, таксама не наш варыянт. 3) Лагодная чарнагарызацыя - раней падлічылі, што каля 25% грамадзян Чарнагорыі змянілі сваю ментальнасць ад зыходна прасербскай да пранезалежнай альбо нейтральнай. Я думаю, што на такую змену паўплавала не столькі пранацыянальная палітыка, колькі эканомічныя праблемы, з якімі пакуль што не сутыкнуліся мы.
Але ну хер з нім, давайце абапірацца на гэтыя 25% як на самы аптымістычны варыянт і агулам разглядзім супер пазітыўныя сцэнары
- На рэферэндум 2036 праеўрапейская група выбаршчыкаў прыходзіць у поўным складзе. Ігнаруюць рэферэндум толькі прадстаўнікі 3 іншых груп. Верхняя мяжа яўкі - 87% (як было ў Чарнагорыі), ніжняя - 78% (прэзідэнцкія выбары РБ 1994).
- Няхай па 25% з трох іншых груп перацякуць у тых, хто не прыйдзе і ў групу праеўрапейскіх: напалову і туды, і туды.
Ну і ўжо зусім дзеля фантасмагорыі:
- Група "Лепей быць па-за саюзамі" паміж варыянтамі "За" і "Супраць" падзеліцца напалову (на графіке - "каэф 0.5).
- Ды і фіг з нім, няхай у поўным складзе прыгаласуе "За" (каэф 1).
На жаль, нават такія фантастычныя дапушчэнні, якіх дакладна не здарыцца ў рэальнасці, не прыводзяць да перамогі праеўрапейскага сцэнара.
Па ОДКБ блізка па сэнсу: выхад з гэтай сумнёўнай арганізацыі больш-менш верагодны, курс на ўступ у НАТА - дакладна не. Пра мову распавяду ў апошняй частцы. Ну а як жа эміграцыя, спытаеце вы? Па-першае, невядома, колькі дакладна беларусаў жыве за мяжой і колькі з ніх вернецца.
Па-другое, няма адпаведных даследванняў выключна для эмігрантаў, каб параўнаць размеркаванне па тых жа самых пытаннях. Па-трэцяе, там таксама даволі розныя людзі. Я во знайшоў даследванне Цэнтра Мерашэўскага па 1,3 тыс. эмігрантаў у Польшчы. Хоць практычна ўся выбарка вызнае факт агрэсіі рф супраць Украіны (з чым не згодны прарасейскі блок), усё роўна 18% лічаць, што расейскія ўлады прыязна ставяцца да беларусаў (+21% не даў адказ).
Ну і дадам яшчэ, што ўсё, пералічанае вышэй атрымана метадам анлайн-анкетавання.
То бок, рэальныя лічбы па ўсім грамадзянам РБ пакажуць большую падтрымку як дзеючай улады, так і расеі.
Сегмент, які не мае доступа да інтэрнэта, альбо практычна не карыстаецца ім, складае каля 15% насельніцтва - ён колькасна як мінімум не меншы за эміграцыю, таму перакрые ўсё праеўрапейскае, што вы прывязеце з Польшчы.
Што, як па мне, і так відавочна, але ж гіпотэзы варта правяраць.
Інстаграм: padarozhny
Аповед пра Чарнагорыю:
✅️1. Інтра
✅️2. Рэха Венецыі
✅️3. Францыск Скарына
✅️5. СХС
✅️6. Белыя і зялёныя
✅️7. Еўра
➡️8. Лагодная Чарнагарызацыя
10. Мова

Comments
Post a Comment