Чарнагорыя: 2. Рэха Венецыі
Гэта другая частка аповеду пра Чарнагорыю – тут паказваю горад Котар, распавядаю пра венецыянскую спадчыну чарнагорскага ўзбярэжжа і рэфлексую нашае імперскае нашчадства.
Гэтая ж частка ў Інстаграме: padarozhny.
У Сярэднявеччы за панаванне на Балканах змагаліся паміж сабой розныя славянскія княствы, якія ірвалі на кавалкі слабеючую Візантыю.
Котар на момант 15 ст. уяўляў сабой нешта кшталту незалежнай камуны, горада-дзяржавы – мо так было б і далей, але з усходу папёрлі туркі.
Неўзабаве большая частка Балканскага паўвострава апынулася ў складзе Асманскай імперыі, аднак чарнагорскае ўзбярэжжа, знаёмае вам па такіх турыстычных месцах як Котар, Будва і Хэрцэг-Нові, не скарылася.
Як так атрымалася?
У 1420 г. жыхары Котара звярнуліся па дапамогу да Венецыянскай рэспублікі – маўляў, мы ўваходзім у склад вашай дзяржавы, а вы нас абараняеце ад туркаў.
Венецыянцы з радасцю пагадзіліся і па выніку затрымаліся тут на некалькі стагоддзяў.
Гэты рэгіён Чарнагорыі належыў Венецыі да канца 19 ст. Тут на мапе 1853 г. Котар пазначаны як Cattaro.
Італьянскае панаванне скончылася праз Напалеона – той у 1797 г. захапіў Венецыю і паводле мірных дамоваў перадаў усе яе валоданні на карысць Аўстра-Вугоршчыны.
Паўнавартасна ў склад Чарнагорыі ўся гэтая прыгажосць увайшла толькі пасля Першай сусветнай.
Пры гэтым, 350 гадоў у складзе Венецыянскай рэспублікі не прывялі да таго, што мясцовыя жыхары загаварылі на італьянскай (венецыянскай) мове замест сваёй, канвертаваліся са сваёй веры ў каталіцызм і г.д.
Цяпер рэха таго часу можна знайсці хіба што ў запазычаных з венецыянскай словах ды ў архітэктуры – яны там шмат чаго набудавалі, асабліва фартыфікацыі.
Ад іх жа пайшла і афіцыйная назва – Црна Гора на венецыянскай гучыць як Montenegro, яно і патрапіла ва ўсе слоўнікі і картаграфію.
Мы таксама каля 350 гадоў знаходзімся ў складзе іншай краіны, аднак наш досвед не такі пазітыўны.
Венецыянцы прагматычна разглядалі свае валоданні як крыніцу ўзбагачэння і не імкнуліся правесці генацыд мясцовага насельніцтва ў мэтах прымусовай канвертацыі ў сваю культуру.
Рускія ў сваю чаргу некалькі стагоддзяў запар дэпартавалі нашых продкаў у Сібір, катавалі і забівалі найбольш пасіянарных, забаранялі атрымоўваць адукацыю і друкаваць кнігі на нашай мове, рэкрутавалі ў войска пад мясныя штурмы – важны інструмент этнічных чыстак, якімі яны карыстаюцца дагэтуль.
У дамы забітых людзей завозілі рускіх з розных рэгіёнаў – так год за годам у нас павялічвалася колькасць рускамоўных і агулам людзей рускай культуры.
Канешне, не толькі ў нас – русіфікацыя паўсюль праходзіла аднолькава. Такі сабе Марыупаль, расцягнуты па часу на 350 гадоў.
І як бы крытычна я раней не ставіўся да рускага імперыялізма, мой погляд на яго фарміраваўся самімі жа расейцамі – бо я спажываў інфармацыю на іх мове, вырас на культуры, якую яны нам прынеслі, і агулам усё, што ведаў пра жыццё, спазнаў праз фільтр расейскамоўнага чалавека.
Прыкра, але мае спробы асэнсаваць боль і знішчэнні, якія рускія разносілі па свету, часта ўтыкаліся ва "усе імперыі аднолькавыя" і "усе так рабілі".
Не ўсе. Прыклад Чарнагорыі (Венецыі і Аўстрыі) – адзін з дзесяткаў, што падкрэсліваюць розніцу паміж расеяй і цывілізацыяй.
Што ж, ніколі не позна гэта адрэфлексаваць і адкаціць аднойчы навязаную акупантамі карціну міра.
У маім выпадку гэтаму спрыялі ў тым ліку і падарожжы – магчымасць паглядзець на свет праз чужую оптыку дапамагла падкарэктаваць сваю.
Венецыянцы пакінулі пасля сябе і бадай што галоўную цікавостку гэтага горада – крэпасць святога Івана, ён жа Іаан Хрысціцель.
Крэпасць знаходзіцца на вышыні каля 250 метраў над узроўнем мора і пердоліць да яе прыкладна 1,5 тысячі прыступак.
Уласна, крэпасць - гэта комплекс з мураў і розных абарончых будынкаў, якія некалі складалі адзіную кампазіцыю.
Глядзеў на гэтыя горы і думаў, што яны нагадваюць мне кімсьці парэзаную халву.
Царква святога Іаана - дакладней, што ад яе засталося.
Дабраўся да вяршыні і во каго сустрэў.
Недзе тыдзень я шпацыраваў туды-сюды ўздоўж бухты, уварочваўся ад турыстаў на вузкіх вулачках старога горада, тупаў уверх-уніз па горным сцежкам і вырашыў, што гэта мо ідэальнае месца для пенсіі.
Стэфан, які здаў мне жытло, распавёў, што раней працаваў айцішнікам на розныя банкі, а потым яму ў нашчадства перайшоў дом ў Котары, ну ён і кінуў працу ледзьве не ў той жа дзень, бо прыбыткаў ад турыстаў дастаткова для нармальнага існавання.
Слухай, кажу, я тут прачытаў, што сярод грамадзян Чарнагорыі толькі палова называе сябе ўласна чарнагорцамі, яшчэ 30-40% лічаць сябе сербамі. Гэта праўда?
Так, кіўнуў Стэфан, мы ж амаль сто гадоў былі адной дзяржавай з німі.
- Але ты чарнагорац, не серб?
- Канешне!
А чым, кажу, вы адрозніваецеся?
- Мы больш вясёлыя і больш высокія, пасміхнуўся ён. Шмат у чым - культура, мова, гісторыя. Сербы сцвярджаюць, што мы адзін народ, я з гэтым незгодны.
- Хіба ў вас няма канструкцыі, што вось я нарадзіўся ў Чарнагорыі, адпаведна, я чарнагорац?
Ён нават не зразумеў, што я маю на ўвазе.
На Балканах складана закручана логіка атаясамлівання сябе з пэўная нацыяй, але ж мова, вера і культура граюць нашмат важнейшую ролю, чым ідэя абстрактнай тутэйшасці.
У наступных частках спрабую разабрацца, як гэта працуе ў Чарнагорыі.
Інстаграм: padarozhny
Аповед пра Чарнагорыю:
✅️1. Інтра
➡️2. Рэха Венецыі
5. СХС
7. Еўра
10. Мова



















Comments
Post a Comment