Чарнагорыя: 6. Белыя і зялёныя
У шостай частцы распавядаю пра два палітычных руха Чарнагорыі - за ўласную незалежнасць і за саюз з суседнім братэрскім народам, а таксама пра ідэі, якія жывуць стагоддзямі.
У 1905 г. Чарнагорыя прыняла канстытуцыю - адбыліся першыя выбары ў парламент, якія паказалі наяўнасць у краіне двух супрацьлеглых палітчыных рухаў.
"Зялёныя" - раялісты, выступалі за незалежнасць краіны і падтрымлівалі караля Ніколу I.
"Белыя" - юніаністы ў апазіцыі да караля, выступалі за далучэнне да Сербіі па прычыне "адзін народ".
У 1914 г. яны падзялілі парламенцкія месцы пароўну.
Выбары не былі ўсеагульнымі - галасаваць маглі толькі мужчыны, пераважна гарадскія жыхары.
Ёсць тэорыя, што сярод сельскага насельніцтва, якое не мала выбарчых правоў, прыхільнікаў незалежнасці (зялёных) было істотна больш, чым сярод гарадскіх.
Але неўзабаве распачалася Першая сусветная, і Чарнагорыю акупавалі аўстрыйцы, якім дакладна было нецікава, хто там белы, хто зялёны.
Восенню 1918 г. вайна набліжалася да завяршэння, дэмаралізаваныя аўстрыйцы адступалі, а на іх месца зайшла сербская армія.
Кароль Нікола I знаходзіўся ў Францыі, парламент не працаваў, шмат чарнагорскіх жаўнераў былі ў аўстрыйскім палоне.
Сербы, вядома, скарысталіся сітуацыяй.
Спачатку яны увялі ваенную адміністрацыю і каменданцкую гадзіну, раззброілі рэшту чарнагорскай арміі, а 12.11.1918 арганізавалі рэферэндум, які назвалі Падгорыцкай асамблеяй.
Ну і праз два тыдні абвясцілі, што чарнагорцы аднагалосна выступаюць за адлучэнне ад трона караля і ўваход у склад Сербіі.
Сярод зялёных не было адзінства - хто выступаў за незалежную Чарнагорыю пад уладай Ніколы I, хто за незалежную, але рэспубліку, хто за ўваход у каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў - але на правах шырокай аўтаноміі.
Аднак пасля анэксіі ва ўсіх з'явіўся агульны вораг.
Снежань 1918 г. зялёныя гуртаваліся, распрацоўвалі план паўстання і вялі агітацыйную працу.
Ёван Пламенац - некалі школьны настаўнік, затым палітык, міністар адукацыі, і нарэшце адзін з лідараў паўстання - сфармуляваў "мы змагаемся за права, гонар і свабоду Чарнагорыі".
5 студзеня 1919 г. два чарнагорскіх афіцэра заявіліся ў штаб сербскай арміі ў Цэтыне, каб перадаць камандзіру акупацыйнага кантынгента ліст ад паўстанцкага камітэта з патрабаваннем да сербскай арміі паводзіць сябе мірна і не ўмешвацца ва ўнутранныя справы чарнагорцаў.
"Альбо вы, сербы, выйдзеце з Чарнагорыі, альбо будзе ліцца кроў, спадар генерал. Іншага выйсця няма!"
Сербскі генерал Драгуцін Мілутынавіч уважліва прачытаў і прыказаў неадкладна распачаць арышты меркаваных замоўшчыкаў ды рыхтавацца да абароны.
Зялёныя распачалі паўстанне ў ноч з 6 на 7 студзеня - акурат на Раство, дзякуючы чаму яно атрымала назву Каляднае паўстанне (альбо Божычнае - ад Božićni ustanak).
Узгаданы вышэй вокліч Za pravo, čast i slobodu Crne Gore спадара Пламенаца - зразумелы, файны, але ж занадта доўгі.
Таму з першымі стрэламі, якія прагучалі ў Цэтыне, у паветры лунала добра знаёмае нам Živjela Crna Gora - Жыве Чарнагорыя.
Ці былі ў гэтага паўстання шансы на поспех?
1) Вы паўстаеце супраць краіны ў 10-15 разоў большай па насельніцтву - 400 тысяч жыхароў Чарнагорыі супраць пяцімільённай Сербіі.
2) Істотная частка чарнагорцаў лічыць сябе сербамі, і, адпаведна, супрацоўнічае з акупантамі.
3) Пасля вайны большасць насельніцтва займалася ўласным выжываннем, а не экзістэнцыйнымі пытаннямі ідэнтычнасці і барацьбы за яе.
4) Законны кіраўнік краіны быў у эміграцыі, ні на што не ўплываў, з'яўляўся хіба што сімвалам барацьбы і мог падтрымаць яе толькі прамовамі.
Ну і бадай галоўнае - чарнагорская незалежнасць нікому не была цікавай, акрамя саміх чарнагорцаў, і тое, толькі нейкай іх частцы.
Французы, у якіх гасціў Нікола I, ветліва паярэдзілі, што не варта яму рабіць глупствы і спрабаваць вярнуцца.
Францыя разглядала Сербію як свайго саюзніка, а таму прывітала як стварэнне СХС, так і анэксію Чарнагорыі.
Брытанцы стаялі на тых жа пазіцыях і лічылі, што ўзмацненне Сербіі паспрыяе стабільнасці на Балканах.
Прэзідэнт ЗША Вудра Вільсан гучна выступаў за правы нацый на самавызначэнне, але дапамога гэтым самым нацыям была абмежавана натхняльнымі прамовамі.
Чарнагорскія эмігранты ў ЗША і Еўропе бадзяліся па плошчах, спрабуючы прыцягнуць увагу да анэксіі Радзімы, але ўсім было шчыра пофіг.
На гэтым фоне зялёныя здолелі паставіць пад ружжо каля 5 тысяч чалавек - як гэта звычайна бывае з паўстаннямі без падтрымкі з-за мяжы, слабаўзброенных і кепска арганізаваных.
Сербскі кантынгент налічваў 10-15 тысяч усім забяспечанных жаўнераў, плюс пару тысяч мясцовых белых.
Актыўная фаза паўстання доўжылася некалькі месяцаў - сербы паспяхова яго падавілі. Частка зялёных сышла ў горы і партызаніла яшчэ дзесяць гадоў.
Адзін з маніфестаў: "Мы змагаемся за свабоду і незалежнасць Чарнагорыі, і ад гэтай барацьбы нас можа аддзяліць толькі смерць".
Так, уласна, і атрымалася - агульная колькасць забітых, параненых і арыштаваных чарнагорцаў склала каля пяці тысяч чалавек.
У 1921 г. памёр кароль Нікола I - апошні кароль Чарнагорыі і апошні легітымны кіраўнік краіны.
Лідары паўстання апынуліся хто ў зямлі, хто ў эміграцыі, жыхары краіны прынялі новую рэчаіснасць, а з адукацыйнага працэса Югаславіі неўзабаве сцёрлі ўсе ўспаміны аб паўстанні.
Зялёны рух, ідэі незалежнасці і нацыянальнай адасобленнасці ад сербаў імкліва маргіналізаваліся.
Завершыла гэты працэс Другая сусветная - вясной 1941 італьянцы з немцамі акупавалі Югаславію і абвясцілі няхай марыянетачную, але ж Незалежную дзяржаву Чарнагорыя (такая была назва) - так што ідэя незалежнасці пасля 1945 г. яшчэ і пачала асацыявацца з фашыстамі.
Пасля вайны Каралеўства Югаславія трансфармавалася ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку.
У адрозненні ад СССР, які быў рускай дзяржавай з абсалютным дамінаваннем рускай культуры на ўсіх захопленых тэрыторыях, Югаславія стаяла нашмат бліжэй да тэрміну "федэрацыя".
Кіраўнік дзяржавы Іосіп Броз Ціта зрабіў нямала крокаў па скасаванню сербскага ўплыву - вылучыў у аўтаномныя вобласці Косава і Ваяводзіну, а Чарнагорыі надаў статус сацыялістычнай рэспублікі.
Акрамя таго, скромна перайменаваў Падгорыцу на Цітаград, і перанёс сюды чарнагорскую сталіцу.
Такім чынам, чарнагорскі рух за незалежнасць быў цалкам разгромлены, а ідэі нацыянальнай ідэнтычнасці гэтага народа як і права на самастойнае існаванне цягам 20-га стагоддзя маргіналізаваліся і шырока не вызнавалася ані ў Сербіі, ані за мяжой, ані ў самой Чарнагорыі.
Калі-некалі натрапляю ў нашых медыя на думкі, маўляў, ну і нафіг патрэбныя ўсе гэтыя паўстанні-пратэсты-барацьба, калі яны не дасягаюць сваёй мэты? Які сэнс змагання супраць нашмат мацнейшага агрэсара, калі можна падпарадкавацца і неяк мірна з нім суіснаваць?
Пазней на прыкладах паразважаем, чаму ідэя несупрацьстаяння злу, гвалту і несправядлівасці з'яўляецца тым камнем, на якім пабудавана ўся руская культура.
А пакуль у якасці адказа прывяду урывак з прамовы прэм'ер-міністра Чарнагорыі Міла Джуканавіча.
"Заўсёды на правільным баку тыя, хто змагаецца за свабоду, сваю тоеснасць, за сваю дзяржаву і яе годнасць.
З Божычнага паўстання пачалася чарговая бітва за Чарнагорыю - партызанская і эмігранцкая, якая была завершана 21 траўня 2006 года (дзень незалежнасці Чарнагорыі)".
"Я ўпэўнены, што эмігранцкая эпоха і дрэнныя часы, калі Чарнагорыя была тым, чым яна не з’яўляецца, назаўжды засталіся ў мінулым. Ніколі больш нацыянальнага прыніжэння і падпарадкавання чужым інтарэсам і мэтам!
Слава героям Божычнага паўстання! Няхай вечна жыве Чарнагорыя!"
Прамова адбылася падчас урачыстага адкрыцця першага ў краіне помніка героям паўстання - у 2009, праз 90 гадоў з яго паразкі.
Што ж, некаторыя ідэі жывуць стагоддзямі - няхай і на пачатку падаецца, што яны апярэджваюць свой час.
У наступных частках разбярэмся, як так атрымалася.
Інстаграм: padarozhny
Аповед пра Чарнагорыю:
✅️1. Інтра
✅️2. Рэха Венецыі
✅️3. Францыск Скарына
✅️5. СХС
➡️6. Белыя і зялёныя
7. Еўра
10. Мова









Comments
Post a Comment